<blockquote dir="ltr">
Забытым імем у летапісе Засульскага краю з’яўляецца Святаслаў Коўш. Праваслаўны святар, рэлігійны і грамадска-культурны дзеяч беларускага замежжа, пісьменнік, рэдактар, выдавец, публіцыст. Наступная экспазіцыя “І на чужыне пачуваўся беларусам” прысвечана праваслаўнаму святару, які ў 1938 годзе быў псаломшчыкам царквы ў вёсцы Засулле, а ў 1939 годзе працаваў завучам Засульскай школы, акрамя таго, займаўся літаратурнай дзейнасцю. Святаслаў Коўш – чалавек надзвычай складанага лёсу.
Нарадзіўся ў студзені 1917 года ў мястэчку Ілля Вілейскага павета. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і факультэт права ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя і Вільні. З 1944 года - у эміграцыі. Жыў у Германіі. Працаваў у беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча. У 1948 годзе выехаў у ЗША. Займаўся рэлігійнай і грамадска-культурнай дзейнасцю, быў адміністратарам беларускіх праваслаўных прыходаў ЗША і Канады.
Літаратурная спадчына Святаслава Каўша невялікая. На жаль яго творы на Радзіме не выдаваліся . Як стала нам вядома, у Саўт-Рыверы (ЗША) ў 1980 годзе выйшаў зборнік “Русалчына балада”. Сёння адзін экзэмпляр гэтага выдання захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг у бібліятэцы Акадэміі навук імя Якуба Коласа. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі мы адшукалі аповесць “Запавет бацькі” і зборнік “Тры легенды”.
Святаслаў Коўш – цікавы і самабытны празаік. Большасць яго твораў – гэта своеасаблівыя апрацоўкі фальклорных матэрыялаў: народных легенд і гістарычных паданняў.
Ёсць у Святаслава Каўша творы, у якіх можна прасачыць этымалогію назваў паселішчаў і рэк нашай мясцовасці. Цікавыя ў гэтым плане паданні “Таямніца Сулы” і “Сула шапоча”. Іх аб’ядноўвае вобраз ракі Сулы, рэальнай ракі, якая працякае каля нашай вёскі.
Прачытаўшы легенду “Таямніца Сулы”, мы высветлілі этымалогію назвы вёскі Татаршчына, якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад нашай вёскі Засулле і адну з версій паходжання назвы ракі Сула.
“Сула калісь была дзяўчынай, гарэлі шчокі, як маліны. Збірала кветкі ў лузе, вянкі з сяброўкамі пляла. Сула кахала юнака. Юнак той Нёман быў…”. Дзеянне ў творы адбываецца ў часы набегаў татар на беларускія землі. Татары знішчалі сядзібы, гарады, рабавалі людзей, гналі іх у палон. Увесь народ узняўся на барацьбу супраць дзікай арды: ад юнакоў, да старых дзядоў. Але сілы былі няроўныя… “Згарэла весь; нібы пракосы, ляжалі хлопцы, а між імі – муж Сулы…”.Каб пазбегнуць палону, Сула павяла жанчын у цёмны бор. Лютай была пагоня, здавалася няма паратунку. І Сула “ўзяла істужку з кос, махнула ёй над галавой і быстрай рэчкаю лягла”. У хвалях гэтай ракі загінуў хан і ўся арда. “Мясцовасць, дзе татарскі стан даўным-даўно стаяў, народ Татаршчынай назваў”.
Нашы беларускія лугі немагчыма ўявіць без васількоў. Адкуль яны з’явіліся ў нашай мясцовасці? Пра гэта мы даведаліся з апавядання “Сула шапоча”. Цікава, што ў гэтым творы асноўная тэма – моц і непераможнасць кахання. Рака Сула паўстае як жывая істота, якая вядзе расповед аб падзеях, сведкай якіх была сама. Яна памятае людзей, якія жылі тут. Менавіта на яе берагах успыхнула і расцвіло каханне Васілька і Казулі. Шчасце маладых было нядоўгім. Яму перашкодзіла зайздрасць Шашка, які пайшоў нават на здраду свайму народу, каб разлучыць закаханых і застацца з Казуляй. Васілёк загінуў ад мяча ворагаў, якіх прывёў здраднік-Шашок таемнымі тропамі да сядзібы. Аднак Казуля засталася вернай свайму каханню. “Сула заплпкала тужліва, калі варожая страла, бы сноп жытнёвы паваліла, аздобу весі – Васілька. Яго ў вусны цалавала да смерці верная жана – пасля нажом прабіла грудзі і нежывою з ім лягла…”.
На полі, дзе загінуў Васілёк з яго красуняй – вернай жонкай, штогод у жытах сінеюць васількі. “Аб чым шапочуць васількі?.. Хіба аб тым, пра што пачулі ў гаворцы хваляў рыбакі…”.
Святаслаў Коўш творча перапрацаваў мясцовае паданне, надаўшы яму не толькі цікавую мастацкую форму, але і агульначалавечы змест
<blockquote dir="ltr">
Тэзісы даследчай работы
Свет легенд і паданняў Святаслава Каўша
Карніцкай Надзеі Паўлаўны
Кіраўнікі : Логвін Галіна Барысаўна , настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Рэвякіна Валянціна Іосіфаўна ,настаўнік інфарматыкі
Вяртанне да вытокаў- справа надзённая і актуальная.забытым імем у летапісе засульскага краю з’яўляецца Святаслаў Коўш. Праваслаўны святар, які ў 1938 годзе быў псаломшчыкам царквы ў вёсцы Засулле , працаваў завучам Засульскай школы ,акрамя таго , займаўся літаратурнай дзейнасцю.
Аб’ектам даследавання сталі празаічныя творы Святаслава Каўша. Прадметам даследавання з’яўляюцца легенды і паданні.
Мэта: даследаваць асаблівасці міфалагічнай прозы Святаслава Каўша ў русле народных традыцый.
Задачы : прааналізаваць жыццёвы і творчы шлях .
Вывучыць літаратурную спадчыну пісьменніка.
Для вырашэння задач выкарыстоўваліся як агульнанавуковыя
( параўнанне, аналіз ) так і спецыяльныя метады даследавання (біяграфічны, тэкстуальны, комплексны ).
Разам з тым правяралася і гіпотэза : Ці звязаны змест легенд і паданняў з нашай мясцовасцю?
Работа складаецца з уступа, двух раздзелаў і заключэння.
У 1 раздзеле даследуюцца біяграфічныя звесткі Святаслава Каўша.
У 2 раздзеле “Легенды і паданні” падаецца тэматычная разнастайнасць легенд і паданняў С.Каўша – гэта тэма гістарычнага мінулага, тэма ракі (дэманалагічны персанаж у паданнях), этымалогія назваў паселішчаў, рэк і раслін.
Тэма гістарычнага мінулага раскрываецца ў легендах “Усяслаў Чарадзей”, “Зачараваны князь”, “Бірута”.
Святаслаў Коўш не перапісвае гісторыю, не стылізуе свае творы пад старадаўнія паданні – ён узнаўляе гісторыю Беларусі, якая мала была адлюстравана ў пісьмовых помніках.
Наступная нізка апавяданняў – гэта легенды і паданні, месца дзеяння ў якіх адбываецца каля вады – Ракі. Нават назвы твораў паказваюць на гэта – “Белыя лілеі”, “Чортаў вір”, “Таямніца Сулы”, “Сула шапоча”.
Згодна з міфалогіяй, Рака – гэта мяжа паміж гэтым светам і тым – паміж жыццём і смерцю, тэрыторыя супрацьстаяння паміж людзьмі і дэманамі.
У паданнях – “Таямніца Сулы”, “Сула шапоча” можна прасачыць этымалогію назваўпаселішчаў і рэк нашай мясцовасці.
Святаслаў Коўш творча перапрацаваў мясцовыя паданні, надаўшы ім не толькі цікавую мастацкую форму, але і агульначалавечы змест.
У прыведзеных паданнях жыццё чалавека цесна пераплятаецца з жыццём прыроды. Прыроду нельга падмануць, таму яна служыць мяжой паміж светам рэальным сапраўды і іррэальным, а таксама мерай справядлівасці, маральнай чысціні і вернасці.
Такім чынам, з даследавання вынікае, што Святаслаў Коўш – цікавы і самабытны празаік. Большасць яго твораў - гэта своеасаблівыя апрацоўкі фальклорных матэрыялаў: народных легенд і гістарычных паданняў.
Гіпотэза аб сувязі зместу легенд і паданняў С.Каўша з нашай мясцовасцю знайшла сваё пацвярджэнне.
Паколькі праз свае творы ён увекавечыў назвы нашых вёсак, якія, на жаль, хутка могуць знікнуць з карты раёна.
На нашу думку, патрабуе асобнага даследавання і манера пісьма Святаслава Каўша – рытмічная проза. У некаторых момантах – гэта сапраўдныя вершы. Нельга не прачуцца такімі радкамі:
“Чароўны свет забытых казак, Радзімы край табой спавіт. Букеты найцудоўнейшых сказаў вясёлкай колераў абвіў. Паслухай гул лясоў радзімых, учуйся ў шопат каласоў, прыгледзься да імглы ўночы, вандроўкі сонных аблакоў. Яны навеюць сказ ізноў ”.
</blockquote>
</blockquote>