“А ў нас сёння Масленіца”
Першыя вясновыя дні былі розныя: халодныя і цёплыя, снежныя і дажджлівыя, ветраныя і ціхія, сонечныя і пахмурныя, але душы і сэрцу ўжо радасна - вясна паступова пачынае сваё ўладарства. Добры вясновы настрой адчуваўся ў дарослых і дзяцей у суботу на школьным падворку, дзе ладзіліся масленічныя забавы і гульні, абрадавыя дзеянні і частаванне. Каманды з такімі смачнымі назвамі “Аладкі” і “Дранікі” спаборнічалі між сабою ў конкурсах “Бой мяшкамі” і “Запляці касу”, “Распілі бервяно” і “Птушачкі” , “Хто хутчэй на мятле” і “Перацягванне каната”. Удзельнікі так стараліся, што перамагчы адзін аднаго так і не змаглі: перамагло сяброўства і добры настрой. Задавалі тон у абрадах гукання вясны прыгажуні дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Песнямі яны віталі надыход цёплых дзён і абуджэнне прыроды, правялі ў дачыненні хлопцаў абрадавае дзеянне навешвання калодак і абрад спальвання пудзіла Зімы. Забавы забавамі, але ж галоўнае на Масленіцу – частаванне блінамі і іншымі прысмакамі. Ахвочыя да бліноў мелі магчымасць паласавацца сімвалічнай масленічнай ежай пад захапляльныя песні выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах “Ноткі”.
Бывайце здаровы, з Богам жывіце,
Масленку адгуляйце ды Вялікадня чакайце!
Настаўнік мастацтва Гарановіч Т.М.
Больш фота глядзіце, калі ласка, па спасылцы: https://zasulie.schools.by/photoalbum/768145