Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Нашы аднавяскоўцы на старонках "Праменя"

Дата: 20 января 2020 в 23:41, Обновлено 7 декабря 2020 в 13:00

Людзі пераязджаюць з вёскі ў горад. І даволі рэдка – з горада ў вёску. Мне давялося пазнаёміцца з сям’ёй Аммераў, якая пераехала з Мінска ў в. Зарэчча Стаўбцоўскага раёна. Сваімі думкамі яны падзяліліся са мною.

Ганна – шматдзетная маці. Разам з мужам Сяргеем выхоўваюць чацвярых дзяцей – траіх сыноў і дачку. У в. Зарэчча яны прыехалі ўпершыню ў сакавіку 2018 года, каб паглядзець дом. І летась у ліпені сям’я яго купіла. Зрабілі касметычны рамонт. Канчаткова пераехалі разам з дзецьмі ў верасні. З гэтага часу і жывуць яны ў вёсцы, ужо адзін год і два месяцы.

– Што вы набылі ў гэтым месцы і ці завялі дамашнюю гаспадарку?

– Мы купілі дом, які ўключае чатыры вялікія жылыя пакоі, што так было неабходна нашай сям’і. Дом прасторны і з перспектывай з’яўлення пасля рамонту новых пакояў. Яшчэ мы купілі вялікі ўчастак (40 сотак), на якім ёсць гараж, хлеў, лазня, калодзеж. Зразумела, усё патрабуе рамонту, але яно ўжо ёсць. Дамашняй гаспадаркі ў нас пакуль няма. У будучым марым пра карову. Але не болей таго.

Сярод дамашніх гадаванцаў – кошка Мары. Сельскагаспадарчай тэхнікі ў сям’і пакуль няма.

– Чаму вы вырашылі пераехаць у вёску?

ГАННА: «Вёска – найбольш добрае месца для жыцця. Меней мітусні і спакус, свежае паветра. Тут ёсць магчымасць мець агарод і свае прадукты харчавання, працаваць, а не ляжаць на канапе, навучыць і выхаваць дзяцей без гаджэтаў і гарадской беганіны. Жывучы ў горадзе, нам было цесна і душна».

СЯРГЕЙ: «Здаровы розум. Па-першае, у горадзе арганізм чалавека знаходзіцца ў пастаянным стрэсе (шум, паветра, суседзі за сцяной і так да бясконцасці), нават адпачынак – гэта нейкія шумныя мерапрыемствы і забавы. Нервовая сістэма не адпачывае. Мы пастаянна сварымся, зрываемся. Па-другое, харчаванне, мякка кажучы, няякаснае. Малако з дамашняй гаспадаркі лепшае, чым купленае ў магазіне. Па-трэцяе, людзі ў горадзе моцна залежаць ад тых, хто акружае, яны страцілі сябе. Мы стараемся быць лепш за іншых або хаця б не горш. Рамонт у кватэры, гурткі ў дзіцяці, адзенне, машына, святы, тэлефоны… Намі проста кіруюць. Па-чацвёртае, з пераездам я страціў толькі няшмат часу на дарогу да работы і назад, які я, дарэчы, выкарыстоўваю для чытання і самаадукацыі. У астатнім – толькі плюсы: уласны дом, няма суседзяў, прадукты натуральныя, свежае паветра – і я сам сабе гаспадар. А самае галоўнае – я гадую траіх сыноў, якія становяцца сапраўднымі мужчынамі, таму што могуць рэалізаваць сваю мужчынскую прыроду».

– Наколькі цяжкім было рашэнне пераехаць у вёску?

ГАННА: «Няцяжкім, яно заняло некалькі месяцаў роздуму».

СЯРГЕЙ: «Вырашыцца не так складана, страшна спачатку ад невядомасці. Але здаровы розум і халодная развага – добрыя памочнікі».

– Ці ўзнікла за гэты час жаданне вярнуцца?

ГАННА: «Не, ні разу не пашкадавала. Праўда, дзеці сумавалі па сябрах. Дачка часам гаворыць пра тое, што жыццё ў горадзе лягчэйшае: няма агарода, не трэба пешшу хадзіць у школу. А вось сыны з задавальненнем бавяць час і ў гаражы, і ў агародзе».

СЯРГЕЙ: «Вярнуцца ў горад? Думаю, што не. Перамагаючы свае страхі і няўпэўненасць, мы расцём, аб гэтым пішуць усе сучасныя кнігі па псіхалогіі і самаразвіцці».

– Ад якіх даброт у параўнанні з горадам прыйшлося адмовіцца?

ГАННА: «Даброт? Не ведаю. Мы толькі асвойваемся з вясковым бытам. Хаця часам і не задавальняе хуткасць інтэрнэту».

СЯРГЕЙ: «Даброты толькі павялічыліся. У доме ўсе зручнасці гарадской кватэры».

– Як вы добраўпарадкавалі сваю дамашнюю гаспадарку?

ГАННА: «Добраўпарадкаванне яшчэ ідзе і будзе працягвацца доўга. Хочацца стварыць дом сваёй мары. Спачатку замянілі вокны, трубы, камунікацыі. Пераклеілі шпалеры, абсталявалі кухню, ванны пакой і туалет. На ўчастку павысякалі сухія дрэвы, адвялі месца для агарода і паставілі цяпліцу».

СЯРГЕЙ: «Галоўным было адразу стварыць у доме камфорт гарадской кватэры (туалет, ванны пакой, ацяпленне, кухня, вокны і г. д.). Атрымоўваецца такім чынам кватэра, толькі ў два разы большая, і ва ўсіх свае пакоі. Участак – гэта доўгі працэс. Частку сада прыбралі, агарод узаралі, паставілі цяпліцу, пасадзілі газон, градкі. Спадзяюся, што за пяць гадоў мы ўсё рэалізуем».

– Што вы набылі з пераездам?

ГАННА: «З матэрыяльнага пункту гледжання, гэта вялікі дом, участак, машына, садовыя арэлі… Калі гаварыць пра вечнае, то знайшлі сябе і магчымасць развівацца. Свежае паветра, зямля, прыгажосць і спакой».

СЯРГЕЙ: «Ды ўсё. Я магу жыць згодна са сваімі інтарэсамі, перакананнямі і не аглядвацца на іншых. Гэта маё жыццё, я яго раблю сам».

– Якую параду вы можаце даць тым, хто збіраецца пераязджаць у вёску з горада?

ГАННА: «Доўга не думаць. Калі вы сям’я, калі вы заадно, разам – вы справіцеся».

СЯРГЕЙ: «Гэта таго варта. Цяжкасці будуць заўсёды і ўсюды. Лепш быць сабе гаспадаром, хай і невялікім».

Марына КУТАС, фота з архіва сям’і Аммераў

http://www.pramen-news.by/?p=32848

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.